Увядзеньне ў JSX

Разгледзім гэтае аб’яўленьне зьменнай:

const element =
Hello, world!

Гэты забаўны тэгавы сынтаксіс не зьяўляецца ні радком, ні HTML.

Ён называецца JSX і зьяўляецца пашырэньнем сынтаксісу JavaScript. Мы рэкамэндуем выкарыстоўваць яго з React, каб апісваць тое, як павінен выглядаць інтэрфэйс карыстальніка (UI). JSX можа нагадаць вам шаблённую мову, але ён ідзе з поўнай моцай JavaScript.

JSX прадукуе “элемэнты” React. Мы будзем дасьледаваць іх рэндэрынг (перавод, візуалізацыю) у DOM у наступным разьдзеле. Ніжэй, вы можаце знайсьці асновы JSX, неабходныя, каб пачаць.

Чаму JSX?

React’у ўласьцівы той факт, што лёгіка рэндэрынгу неад’емна спалучана зь іншай UI лёгікай: як апрацоўваюцца падзеі (events), як зь цягам часу зьмяняецца стан (state), і як падрыхтоўваюцца даныя (data) да вываду на экран.

Замест таго, каб штучна разьдзяляць тэхналёгіі, разьмяшчаючы разьметку й лёгіку ў розных файлах, React разьдзяляе сфэры ўплыву па слабазьвязаных адзінках, званых “кампанэнтамі”, якія зьмяшчаюць абедзьве тэхналёгіі. Мы вернемся да кампанэнтаў у далейшым разьдзеле, але калі вы яшчэ не адчулі зручнасьці зьмяшчаць разьметку ў JS, то гэтая лекцыя можа пераканаць вас.

React не патрабуе выкарыстаньня JSX, але большасьць людзей знаходзіць гэта карысным, дзякуючы нагляднасьці пры працы з UI унутры коду JavaScript. Таксама гэта дазваляе React паказваць больш карысныя паведамленьні пра памылкі ды папярэджаньні.

Хопіць пра гэта, давайце пачнем!

Выразы, убудаваныя ў JSX

У прыведзеным ніжэй прыкладзе мы аб’яўляем пераменную, якая называецца name, а затым выкарыстоўваем яе ўнутры JSX, абгарнуўшы ў фігурныя дужкі:

const name = 'Josh Perez';
const element =
Hello, {name}

ReactDOM.render(
element,
document.getElementById('root')

Вы можаце зьмясьціць любы дапушчальны выраз JavaScript у фігурных дужках у JSX. Напрыклад, 2 + 2, user.firstName, ці formatName(user) зьяўляюцца дапушчальнымі выразамі JavaScript.

У прыведзеным ніжэй прыкладзе мы ўкладаем вынік выкліку функцыі JavaScript, formatName(user), у элемэнт

function formatName(user) {
return user.firstName + ' ' + user.lastName;

const user = {
firstName: 'Harper',
lastName: 'Perez'

const element = (

Hello, {formatName(user)}!

ReactDOM.render(
element,
document.getElementById('root')

Паспрабуйце на CodePen.

Дзеля зручнасьці чытаньня мы падзялілі JSX на некалькі радкоў. Хоць гэта й не абавязкова, але пры гэтым мы таксама рэкамэндуем абгортваць яго ў дужкі, каб пазьбегнуць пастак аўтаматычнае ўстаўкі кропкі з коскай.

JSX — гэта таксама выраз

Пасьля кампіляцыі, выразы JSX становяцца звычайнымі выклікамі функцый JavaScript і вызначаюць аб’екты JavaScript.

Гэта значыць, што вы можаце выкарыстоўваць JSX унутры апэратараў if ды цыклаў з for, прысвойваць яго пераменным, прымаць яго ў якасьці аргумэнтаў і вяртаць яго з функцыяў:

function getGreeting(user) {
if (user) {
return
Hello, {formatName(user)}!

return
Hello, Stranger.

Заданьне атрыбутаў з дапамогай JSX

Вы можаце выкарыстоўваць двукосьсі, каб пазначаць радковыя літаралі ў якасьці атрыбутаў:

const element =

Таксама вы можаце выкарыстаць фігурныя дужкі, каб уставіць выраз JavaScript у атрыбут:

const element = ;

Ня стаўце двукосьсі вакол фігурных дужак пры ўкладаньні выраза JavaScript у атрыбут. Вы павінны выкарыстоўваць альбо двукосьсі (для радковых значэньняў), альбо фігурныя дужкі (для выразаў), але ня разам у адным і тым жа атрыбуце.

Увага:

Паколькі JSX бліжэй да JavaScript, чым да HTML, React DOM выкарыстоўвае пагадненьне camelCase (вярблюджай) уласьцівасьці найменьняў замест атрыбутных імёнаў HTML.

Напрыклад, class становіцца className у JSX, а tabindex становіцца tabIndex.

Указаньне дзяцей (Children) у JSX

Калі тэг пусты, то вы можаце закрыць яго непасрэдна з дапамогай />, як у XML:

const element = ;

Тэгі JSX могуць зьмяшчаць дзяцей:

const element = (

Hello!

Good to see you here.

JSX прадухіляе ін’екцыйныя атакі

Гэта надае бясьпечнасьці, калі ўставіць карыстацкі ўвод (user input) у JSX:

const title = response.potentiallyMaliciousInput;
// Гэта надае бясьпеку:
const element =
{title}

Па змаўчаньні, React DOM усьцерагаецца любых убудаваных у JSX значэньняў перад іх рэндэрынгам (візуалізацыяй). Такім чынам, гэта гарантуе, што вы ніколі ня зможаце нічога ўвесьці, што не прапісана відавочна ў вашай прыкладной праграме. Ўсё канвэртуецца ў радок, перш чым будзе рэндэрыцца. Гэта дапамагае прадухіліць XSS (cross-site-scripting — міжсайтава-сцэнарныя) атакі.

JSX прадстаўляе аб’екты

Babel кампілюе JSX у выклікі React.createElement().

Гэтыя два прыклады ідэнтычныя:

const element = (

Hello, world!

const element = React.createElement(
'h1',
{className: 'greeting'},
'Hello, world!'

React.createElement() выконвае некалькі праверак, каб дапамагчы вам пісаць код без памылак, але па сутнасьці ён стварае аб’ект падобны гэтаму:

// Заўвага: гэтая структура спрошчаная
const element = {
type: 'h1',
props: {
className: 'greeting',
children: 'Hello, world!'

Гэтыя аб’екты называюцца “React-элемэнты”. Вы можаце ўважаць іх за апісаньні таго, што вы хочаце бачыць на экране. React чытае гэтыя аб’екты і выкарыстоўвае іх для пабудовы DOM і падтрыманьня яго ў актуальным стане.

Мы будзем дасьледаваць рэндэрынг React-элемэнтаў у DOM у наступным разьдзеле.

Карысная парада:

Мы рэкамэндуем выкарыстоўваць азначэньне мовы “Babel” для абранага вамі рэдактара, каб і код ES6 і код JSX былі правільна падсьвечаныя. Гэты сайт выкарыстоўвае сумяшчальную зь імі колеравую схему Oceanic Next.